RADIO MARYJKA
Врс. 5, 2012
06:05 pm - ТАПАГРАФІЯ КІЛІМАНДжжАРА
Новая кніга "Амбасада": вершы свае і чужыя":
Распаўсюд: кнігарня
lohvinau,інтэрнэт-крама knihi.by
( КНІЖНЫ КІРМАШЫК )
( НАВІТАР ПА ТЭГАХ У ГЭТЫМ БЛОГУ )
Мой блог на сайце тыднёвіка НОВЫ ЧАС.
Мае творы на Літрадыё.
Мае публікацыі на сайце газэты НОВЫ ЧАС
Гэты запіс заўжды зьверху.
Тра. 20, 2012
01:42 am - КРАКАЎ. ЧАЦЬВЕРТАЯ ЎКРАІНКА
У Кракаве я мелася жыць на Віле Дэцыюша, дзе пяць год таму была на літаратурнай стыпэндыі. Таму настрой на пад'езьдзе да мілага сэрцу парка быў самы сьвяточны. Усё было міла, усё было знаёма.
Звычнай сьцежкай прайшла да ўваходу, праціснулася праз афіцыянтаў, што сэрвіравалі вясельны прыём, зайшла ў адміністрацыю.
- Добры дзень кажу, прыехала. Ці можна ключык?
З-за стала падняўся дзяцюк цыганскай зьнешнасьці.
-А, вы з Украіны?
- Не, не з Украіны.
- Ну, тады ня ведаю. Тут зранку пасяліліся тры ўкраінкі, яшчэ адна павінна прыехаць. А вас мы знаць ня знаем.
Опа, менты. З аднаго боку, зранку мусілі засяліцца тры дзяўчыны зь Беларусі. Зь іншага, падчас паездкі накладачка на накладачцы, Разанаву, напрыклад, квіток у Польшчу купіць забыліся. Думаю, можа зноў нейкая блытаніна? І для мяне зарэзэрваваны які "Хілтан" або чыста як варыянт не зарэзэрваваны і давядзецца ўпісвацца да Залескага?
Ці вось засялюся я, а потым пад'едзе чацьвертая ўкраінка. І будзе няёмкая сцэна міжэтнічнай разборкі на калідоры з рушніком на валасах ці ў начнушцы - і ўсё гэта прама пад фотапартрэтам Зьмітра Вішнёва на тутэйшай дошцы гонару.
Я кажу, нех пан ідзе высьвятляе, а я на фантанчык пафтыкаю.
Празь дзесяць хвілінаў чувачок вырульвае на падворак, несучы ключ і нейкі сшытак.
- Для чэго пані хлусіць?
- ????
- Ну вось, тут жа напісана: "19-га, 4 асобы зь Менску".
- Так, гэта мы.
- Дык для чэго пані выдурняецца?
- Хто выдурняецца??? Вы спыталіся, ці я з Украіны. Я не з Украіны, я зь Беларусі.
- А якая розьніца?
- ...
І моцна ж я села на каня, ой моцна. Але чувачок папаўся што нада: "Ээх, буду я яшчэ табе нешта тлумачыць, з табой сварыцца..." - прамармытаў ён і, выразна махнуўшы на мяне рукой, пашыбаваў у адміністрацыю, расштурхоўваючы вясельных афіцыянтаў.
Потым мне расказалі, што ў чувачка мянушка "Враг пісацеля". Працоўны дзень ён пачынае а 8-й ранку з таго, што заходзіць у пісьменьніцкі гатэль і пачынае там пыласосіць. І ні вясна, ні лета, ні зіма, ні сьвятая нядзеля, ні хадайніцтвы Міністэрства культуры ня ў стане спыніць гэты шумавы рытуал. Будзе ён яшчэ нешта нам тлумачыць, з намі сварыцца...
Кракаў, май. До зо. 
In Byaroza by Anka Upala
tiredТра. 13, 2012
02:06 pm - ВЫКЛІК
Паглядзелі ўчора па БТ Defiance, пра які так шмат гаварылі бальшавікі. Можна лічыць, у першы раз. Пазычаную два гады таму няякасную копію з жахлівым перакладам, які нельга было адключыць, спынілі на моманце, калі перакладчык назваў Наваградак Ноўгарадам.
Фільм аказаўся не такім кепскім, як пра яго гаварылі, і як можна было меркаваць пасьля прашчоўкваньня жахлівай копіі. Ён добра глядзіцца, калі настроіцца і глядзець, але калі б гаворка была не пра беларускіх габрэяў, а пра якіх зулусаў, то фільм сам па сабе наўрад ці зацікавіў бы. Надта ён манатонны і лінейны, нягледзячы нават на прэславутую сцэну экшану, калі Крэйг сам-на-сам змагаецца з танкам.
Вядома ж, чакалі зьяўленьня
klezmerа. І ён зьявіўся - на дзьве з паловай сэкунды мільгануў у кадры, але гэтага лічы ніхто не заўважыў, бо БТ засьвяціла экран анонсам хакейнага матчу "Расія-Чэхія". А я заўважыла, бо ведала, дзе прыкладна чакаць. Гэта было акурат у кавалку фільма з тым, што можна назваць рэжысёрскім рашэньнем, дзе чаргавалася сцэна бойкі зь немцамі і сцэна партызанскага вясельля.
Таксама прыемна, што фільм не прымушае бровы зьдзіўлена прыўздымацца на кожным кадры, як гэта адбываецца падчас прагляду "беларусьфільмаўскіх" нятленак пра вайну. Хаця б таму, што Эду Цьвіку ня трэба было зацьвярджаць сцэнар ні ў якім камітэце па ідэалёгіі. Ён дбаў адно пра балянс паміж прэславутых экшанам і гістарычнай праўдай. Мастацкасьць у фільме дасягаецца алюзіямі на Біблію, пэдаляваньнем канфлікту паміж братамі Бельскімі і карыкатурнымі савецкімі партызанамі, якія, дарэчы, паказаныя вельмі пераканаўча, зь веданьнем, што называецца, справы. Больш за ўсё мне спадабалася, як у адным эпізодзе Крэйг пантаваўся перад уцекачамі з Баранавіцкага гета, скочучы на белым кані, а ўжо ў наступным ён змушаны быў застрэліць каня, каб пракарміць халоднай зімой вялікі лягер.
Што праўда, некаторыя камэнтатары ў Інтэрнэт Муві датабазе са мной не пагадзіліся б. Вельмі многа кранальнага можна прачытаць у англамоўных рэцэнзіях на фільм. Напрыклад:
Problem number one is Daniel Craig. He does not look like an Eastern Polish Jew.
Па словах гэтага камэнтатара, Крэйг выглядае як обэрлейтэнант, які прахезаў форму ў пральні Вэрмахту.
Яно, канешне, пацаны з Акляхомы - вялікія спэцы па "усходнеэўрапэйскіх габрэях". Але, як казаў Дзіма Кацнэльсон, прадстаўляючы свайго сябра блакітнавокага бляндына Юру Формана, "Наші бывают разные".
А вось іншы камэнтатар адкрывае вочы на жахлівую непісьменнасьць Цвіка:
"...Бельскія былі не беларускімі, а польскімі габрэямі..."
"..Налібокі былі (або ёсьць) маленькім гарадком у Польшчы, разгром якога прыпісваюць "войску" Бельскіх..."
А вось яшчэ:
"Акторы размаўлялі з рускім акцэнтам. Больш за тое - яны размаўлялі па-руску з усімі іншымі. Але ж дзеяньне адбывалася ў Польшчы! Як здымачная група магла так лажануцца??"
Ну і так далей. Многія сапраўды абураюцца, што рэжысэр прымусіў актораў гаварыць "па-ангельску з усходнеславянскімі акцэнтамі". З абурэньнем гэтым, дарэчы, можна пагадзіцца. Бо там беларускія паліцаі і сяляне валяць чыста по-рюсскі. А ідыш пасьлядоўна замяняецца ангельшчынай. Некашэрна неяк.
У цэлым жа шмат пазытыўных водгукаў, хоць сярэднестатычтычны гучыць як: "Добра, але ня Шындлерліст"... Зрэшты, радая, што нарэшце ўдалося фільм пабачыць.
awakeТра. 10, 2012
02:22 am
Пару дзён таму я пабачыла у аўтобусе хлопца, што прычапіў сабе на заплечнік масіўную георгіеўскую стужку, да канца якой быў прышыты залаты пазумент. Усё вісела на ўзроўні сракі малчэла і выглядала як хвост чорта ў спэктаклі "Камэдыя". Сёньня ў пераходзе на "Фрунзенскай" музыка граў на флейце "Кацюшу". Дзень Перамогі для большасьці - ужо фальклёр. Я думаю, што яшчэ праз 50 год 9 траўня будзе мала чым розьніцца ад Купальля. Будуць паліць пакрышкі і чучала Гітлера.
І разам з тым на вуліцах сёньня былі старыя людзі, сьвяточна ўбраныя, але з такімі тварамі, нібы ідуць з хаўтураў. Такі твар не падробіш. Нешта важнае на такім твары напісанае, ня ведаю.
thoughtfulТра. 4, 2012
11:40 am - * * *
Калі мы прыйдзем да ўлады, у менскі Энэргазбыт мы будзем вадзіць экскурсіі па матывах творчасьці Кафкі. Цымус экскурсіі будзе ў тым, што, у адрозьненьне ад КДБ, гэтыя па-любому ня зьнікнуць, выжывуць, і ўсё гэтак жа за шэрымі дзьвярыма будуць прасьцірацца ўглыб кабінэты, дзе працуе па 20 чалавек - так, нібы нехта паставіў люстэрка, гэтак жа Алена Сяргееўна будзе адсылаць да Вікторыі Леапольдаўны, а Мікалай Пятровіч ня ведаць, што нахімічыў з вашым лічыльнікам Сяргей Іванавіч.
І вось сістэма - нават не дала збой, а так, зьлёгку іканула - і шасьцяронка выпадкова перакінула вашу паперку ня ў той латок. І вам капец. Лічыльнікі ня лічаць, Алена Сяргееўна патрабуе, каб вы яго зьнялі і прынесьлі ёй на стол, каб яна асабіста аглядзела хворага, а зьняць вы яго ня можаце, бо ключ у Сяргея Іванавіча, і ён не ўпаўнаважаны даваць ключ менавіта вам. Вікторыя Леанідаўна патрабуе Акт, а Мікалай Пятровіч кажа, што Акта не існуе а ёсьць Ведамасьць, але Вікторыя Леапольдаўна кажа, што Мікалай Пятровіч гоніць, але штрафуюць усё адно вас. І ўсё гэта адбываецца ў мурах малюсенькага з выгляду будыначка на Хмяльніцкага, 6. Вельмі рэкамэндую паход туды, калі давядзецца напіцца ў раёне Акадэміі Навук да канца працоўнага дня - дзеля пушчага прыходу.
Хаця што гэта я кажу. КДБ таксама па-любому выжыве.
artisticКрс. 17, 2012
03:47 pm - ІРЭН АДЛЕР, ЛОНДАНСКАЯ ДАМІНАНТШЧЫЦА
Чо-та как-та у мяне адной асацыяцыі?
Хіт тыдня:
І арыгінал:
Можна, канешне, патлумачыць, тугой жыхароў пасёлка Акцябарскі па эсэсэсэры. Але штосьці мне пачынае здавацца, што вобраз камсорга Кацярыны, створаны ў фільме "Стылягі", - гэта ўсяго толькі 25 кадр для мазахістаў.
Як той казаў, ад БРСМу да БДСМу...
Крс. 14, 2012
12:54 am
Цудоўны мэйл прыйшоў на скрыню конкурсаў ПЭН-Цэнтра:
"Хочу участвовать в конкурсе, который приурочен 100-летию со дня рождения Чеслава Милошевича. Где я могу узнать подробнее о конкурсе и задать вопросы?"
Ну што тут адкажаш?
Наступны конкурс можна абвесьціць у гонар Кадафі або Хусэйна.
amusedКрс. 13, 2012
02:16 pm - КАСЬМІЧНАЕ
Учора, у дзень касманаўтыкі, перад сном думала, што дзяцінства нашых бацькоў было чароўным. На іх вачах чалавек паляцеў у космас, высадзіўся на Месяц. Уяўленьні пра сьвет мусілі перавярнуцца ў іх галовах, як дранік на патэльні! Гэта мы ўжо маем засвоены космас як дадзенасьць, і нас цяпер цяжка зьдзівіць якім-кольвек прагрэсам.
Але зранку, абмяроўваючы падзеньне ракеты ў КНДР, я падзялілася з мамай сваімі разважаньнямі. А яна сказала, што як у дзяцінстве, так і цяпер проста ня можа ўявіць сабе космас, і тады, у 1961 яны вельмі доўга не маглі зразумець, куды гэта паляцеў Гагарын.
А я вось цяпер думаю, што і Гагарын да самага моманту ня мог зразумець, куды гэта ён паляцеў. Кагнітыўная лінгвістыка - ён сказаў: "Паехалі!" :)
thoughtfulКрс. 9, 2012
02:39 pm
Крыху фідбэку па тым, што я пісала ў ЖЖ раней.
Па-першае, я такі дабралася да прэзэнтацыі кнігі Ксеніі Шталянковай.
У кулюарах пагаварыла з бацькам Ксеніі, Іллём,усё на тую ж тэму літары "е" ў іх прозьвішчы. Ільля Шталянкоў сказаў, што намерваўся прывесьці на прэзэнтацыю кнігі акадэміка Лукашанца, каб той публічна паразважаў, ці легітымнае такое напісаньне прозьвішча. Але нешта там у акадэміка не палучылася. Сама Ксенія, як вы можаце прачытаць у аччоце, піша сваё прозьвішча празь "е", бо лічыць яго запазычаньнем з рускай мовы.
І я вось думаю.
1. Нахалеры пісаць сваё прозьвішча так, каб потым хадзіць на людзі з акадэмікам мовазнаўства?
2. Ці толькі ў беларускай мове вышэй за кадыфікацыю Акадэміі навук - Адміністратыўны кодэкс і РБ і яшчэ - у коі-та векі, прэславуты маральны выбар чалавека? Які зазвычай увогуле не стасуецца з граматыкай і здаровым сэнсам? Я помню, калі ў "Новым часе" напісалі прозьвішча рускамоўнай пісьменьніцы Алены Яфімовіч паводле правілаў артаграфіі - празь Е, яна тыдзень срала ў камэнтарах ад абурэньня. Не, я разумею, што Е-фімовічаў у сьвеце хоць гаць гаці, а Я-фімовіч у гугле такая адна, але пры чым тут карэктарка "Новага часу"? Або вось у мяне ёсьць адна знаёмая, якая на мяне накрычала за допіс у блогу, дзе я напісала яе прозьвішча па-беларуску як "Шыло" (націск на апошні склад). Яна патрабавала, каб яе пісалі па-беларуску як "Шіло", бо "так у пашпарце".
Па-другое, толькі што патэлефанавала Таня Беланогая і запрасіла стаць тварам кампаніі "Асобы Будзьма!"
Вось думаю, ці пагаджацца. Атрымліваецца, што вось такім лабавым чынам кампанія ўспрыняла крытыку. Зь іншага боку, ніводнай творчай працы або культурнага праекту, якія задаволілі б кампанію "Будзьма!", мне пакуль зрабіць не ўдалося. Я ўвогуле з крэатыву за сабою памятаю выключна сьцёб з кампаніі "Будзьма".
От такія справы.
Крс. 4, 2012
07:29 pm - ГЕНДЭРНЫ БАЛАСТ КАМПАНІІ "БУДЗЬМА"
Ганна Хітрык спаліла бровы і горла, каб зьняцца ў навагоднім роліку "Будзьма!" Але тварам кампаніі ўсё адно сталі Вольскі і Вайцюшкевіч.
Самае цікавае, што ў самім офісе кампаніі з мужчынаў стала працуе адзін Алесь Плотка.
Ну і варта ў чарговы раз згадаць яшчэ знакаміты мульцік, у якім за пяць хвілінаў знайшлося месца толькі адной гістарычнай асобе жаночага полу - Еўфрасіньні Полацкай.
Стойкае адчуваньне, што большасьць "асобаў Будзьма" прыцягнутая за вушы. Для гендэрнага баласту.
angryNavigate: (Previous 10 Entries)